Было спрадвеку, слова, ты
Крыніцай цудадзейнай сілы,
Што вызваляла з нематы,
Айчыны ніву каласіла.
Р. Барадулін
Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем нацыянальнае свята,
якое мае для ўсіх нас велізарнае культурна-гістарычнае значэнне – Дзень беларускага пісьменства. Задума свята з’явілася ў Міністэрстве культуры Беларусі і друку пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Пасля ўзгаднення з Саветам міністраў і Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 25 мая 1994 з’явілася пастанова аб заснаванні свята Дня беларускага пісьменства.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (тройчы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019).
На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства праходзіў тройчы. У 2001 г. свята прымаў Мсціслаў, у 2007 – Шклоў, у 2013 – Быхаў. У чацвёрты раз свята кнігі і слова пройдзе ў 2020 г. у старажытным «горадзе белых начэй» – Бялынічах.
Да святкавання далучыліся і гімназісты. Вучні дзясятага класа, разам са сваім класным кіраўніком Свірбутовіч М.Г.(настаўніцай беларускай мовы і літаратуры), здзейснілі віртуальнае падарожжа ў свет кнігі, пазнаёміліся з архіўнымі матэрыяламі і старажытнымі помнікамі беларускага пісьменства. Віртуальную экскурсію дапамагла арганізаваць Лукша В.К., біблятэкар гімназіі.
Нашыя дзяды і прадзеды ўсе намаганні прыкладалі да таго, каб мы, нашчадкі, з лёгкасцю маглі насалоджвацца мілагучнасцю і лёгкасцю слова, сапраўднага, беларускага слова. Вяртанне да вытокаў і сувязь з родным домам неабходны кожнаму як святое прычасце.