Мілагучная, чароўная, пявучая, ласкавая, пяшчотная, чыстая – усе гэтыя словы акрэсліваюць нашу родную мову, дзякуючы якой мы атаясамліваемся як беларусы, як адзіная нацыя, як еднасць. Цудоўна, што ёсць дзень, калі мы можам з захапленнем далучыцца да апавяння роднага слова. Сёння, 21 лютага, усе гімназісты і настаўнікі прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.
Традыцыйна дзень распачаўся з ранішняй сустрэчы “Добрай раніцы, мы вас вітаем!”, якую арганізавала Ганна Францаўна Юралевіч са сваімі дзевяцікласнікамі. На працягу дня гучалі беларускія песні ў выкананні розных сучасных гуртоў. Усе жадаючыя прынялі ўдзел у напісанні Гродзенскага абласнога дыктанта “Музейная гара”.
На шостым уроку для вучняў 5 – 6 класаў Марына Гендрыкаўна Свірбутовіч правяла інтэлектуальную гульню “Моўны турнір”. Былі запрошаны не толькі навучэнцы, педагогі, адміністрацыя (Ірына Зыгмундаўна Гайко), але і Каралева беларускага слова (ролю якой выконвала Галіна Іванаўна Мужыла, бібліятэкар і настаўнік беларускай мовы і літаратуры). На працягу гульні гімназісты ўдзельнічалі ў розных конкурсах, выконвалі анімацыі і складалі пазлы. У канцы ўсе ўдзельнікі атрымалі граматы і салодкія падарункі (якія аформіла і падрыхтавала Яна Сцефаноўская, вучаніца 11 класа).
Завяршыўся дзень конкурсам аратарскага майстэрства “Клас!”, які арганізавала Ларыса Гендрыкаўна Канцавая, у ім прымалі ўдзел вучні 5 – 11 класаў, гучалі вершы і на беларускай, і на рускай мовах. Членамі журы былі не толькі настаўнікі (Юралевіч Г.Ф. і Свірбутовіч М.Г.), але і гімназісты, вучаніцы 11 класа: Канцавая В., Хам’юк Д. і Бернат Д. У канцы ўсе атрымалі салодкія падарункі, а пераможцы – граматы. Дзень атрымаўся шчырым і цудоўным!