“Любоўю Беларусь мы здолеем сагрэць. Радзімая зямля, не дай памерці нам, не дай нам анямець! Мы будзем жыць датуль, пакуль жывая мова”.
Для таго, каб мова гучала, мы павінны не цурацца яе, а гаварыць, ужываць родную лексіку. Гімназісты разам з настаўнікамі стараліся ажыццявіць гэты дэвіз.
Працяг Тыдня роднай мовы быў адзначаны шэрагам цікавых мерапрыемстваў. 5 “А” і 6 “А” (разам са сваім настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Свірбутовіч Марынай Гендрыкаўнай) з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсе на лепшае вуснае выказванне “Бацькаўшчына светлая мая…”, а 5 “Б” і 6 “Б” (з Юралевіч Ганнай Францаўнай, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры) правялі літаратурны брэйн-рынг “Родная мова, цудоўная мова..”
Вучні 6-ых класаў змагаліся за званне “Аматара роднага слова” і прынялі актыўны ўдзел у інтэлектуальнай гульні, а старшакласнікі прадэманстравалі свае здольнасці ў анлайн-акцыі “Натхнёныя Бацькаўшчынай”, з імпэтам чыталі вершы беларускіх класікаў і прэзентавалі буктрэйлеры на вершы знакамітых пісьменнікаў Ашмяншчыны.
Навучэнцы 6 – 8 класаў выказвалі пашану да роднага слова і паважаных педагогаў у чэленджы “З любоўю да настаўніка”, а вучань 10 класа, Рамейка Міхаіл не толькі напісаў верш “Любімая мова”, але і зрабіў відэаролік. Тыдзень прайшоў ярка і цікава.